Але што адбываецца на самой справе? Як фарміруецца санкцыйная палітыка ў Еўропе? Ці змяняецца яна з цягам часу? Пра ўсё гэта на занятках у Вольным Беларускім Універсітэце (ВБУ) распавяла адна з найбольш аўтарытэтых экспертак у Еўропе па тэме санкцый ЕС і міжнароднай бяспекі — прафесарка Клара Партэла доктаркай палітычных навук Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытуту ў Фларэнцыі, прафесаркай Школы права ва Ўніверсітэце Валенсіі
З 1990-х гадоў санкцыі сталі найважнейшым інструментам агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Еўрасаюза. З таго часу было ўведзена значна больш санкцый, чым любых іншых палітычных дзеянняў або дзеянняў у рамках знешняй палітыкі ЕС. З 2004 году Еўрапейскі Саюз пачаў ўводзіць адрасныя санкцыі. Найбольш распаўсюджанымі санкцыйнымі мерамі прынятымі з тых часоў сталі эмбарга на пастаўкі зброі, забарона на выдачу віз у дачыненні да пэўнага спісу асоб. У большасці выпадкаў санкцыі ўводзяцца ў сітуацыях адступлення ад дэмакратыі, якое суправаджаецца парушэннямі стандартаў правоў чалавека, распавядае прафесарка Клара Партэла.
— Прававая падстава, на якой прымаюцца гэтыя санкцыі, змяшчаецца ў Дамове аб Еўрапейскім Саюзе, якая дае ЕС мандат вызначаць сваю знешнюю палітыку. Згодна з артыкулам 29, Савет мае права прымаць рашэнні, якія вызначаюць калектыўны падыход Саюза да пытанняў геаграфічнага або тэматычнага характару. Дзяржавы-члены нясуць адказнасць за забеспячэнне таго, каб нацыянальная палітыка адпавядала гэтай пазіцыі.
Дамова прадугледжвае, што, калі рашэнне прадугледжвае перапыненне або скарачэнне эканамічных і фінансавых адносін з трэцяй краінай, Савет павінен прыняць неабходныя меры, дзейнічаючы кваліфікаванай большасцю. Пазней вызначаюцца канкрэтныя меры, тлумачыць экспертка.
— Дамова аб функцыянаванні Еўрапейскага Саюза дазваляе Радзе прымаць меры, якія закранаюць канкрэтныя асобы. Раздзел 2 Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе дазваляе Радзе прымаць абмежавальныя меры або санкцыі супраць фізічных або юрыдычных асоб і груп або недзяржаўных утварэнняў. Такім чынам, Еўрапейскі Саюз можа таксама накладаць санкцыі на асобных людзей, на арганізацыі, якія, насамрэч, не мусяць быць афіцыйна звязаныя з дзяржавай, яны могуць быць недзяржаўнымі суб'ектамі.
Як працуе ланцужок прыняцця рашэнняў? Рашэнне аб увядзенні санкцый прымаецца працоўнай групай Савета Еўрапейскага Саюза, якая рыхтуе рашэнні для міністраў. Працоўныя групы Савета складаюцца з дыпламатаў з дзяржаваў-чальцоў, і іх асноўная дзейнасць палягае на маніторынгу палітычнай сітуацыі ў рэгіёне, якім яны займаюцца.
— Дзейнічае геаграфічны прынцып. Ёсць рабочая група для Афрыкі, ёсць адна для Лацінскай Амерыкі, ёсць адна для Усходняй Еўропы, ёсць яшчэ адна для Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу, і ёсць яшчэ адна для Азіі. У асноўным яны абмяркоўваюць магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да канкрэтных крызісных сітуацый, якія ўзнікаюць у рэгіёнах. Так у выпадку Венесуэлы санкцыі будуць абмяркоўвацца ў рабочай групе па Лацінскай Амерыке, у выпадку санкцый супраць М'янмы — у рабочай групе па Азіяцтве, у выпадку санкцый супраць Беларусі — у рабочай групе COEST, гэта значыць рабочай групе па Усходняй Еўропе.
Як толькі гэтая рабочая група вырашыла ўвесці санкцыі, юрысты пачынаюць падрыхтоўку прававых актаў.
— Дадзеная рабочая група называецца RELEX, гэта абрэвіятурай ад Relación Exterior, то бок знешнія адносіны. Група ў асноўным абмяркоўвае праекты заканадаўчых актаў, якія рыхтуюцца Еўракамісіяй і Службай знешніх адносін. Яны абмяркоўваюць, уносяць змены і рыхтуюць прававы акт, і як толькі ён гатовы, дакумент перадаецца на разгляд Савета міністраў , які складаецца з міністраў замежных спраў кожнай з дзяржаў-членаў, і яны афіцыйна прымаюць рэжым санкцый, калі сустракаюцца ў Бруселі. Пасля афіцыйнага прыняцця ён публікуецца ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага Саюза, і ў момант публікацыі ён уступае ў сілу. Такая стандартная працэдура прыняцця санкцый у Еўрапейскім Саюзе.
Пасля 2014 года былі ўнесеныя змены, тлумачыць экспертка.
— З увядзеннем санкцый супраць Расіі абмеркаванне рэжыму санкцый і яго мадыфікацыі або падаўжэння больш не разглядалася ў рамках працоўнай групы COEST, а фактычна была перададзена Еўрапейскай Радзе. Рада складаецца з кіраўнікоў урадаў дзяржаў і яны збіраюцца не штомесяц, а прыкладна чатыры разы на год. Еўрапейская Рада, насамрэч не займаецца прыняццем заканадаўства, як правіла, яна займаецца важнымі пытаннямі. Увядзенне санкцый і падаўжэнне санкцый супраць Расіі лічыцца дастаткова далікатным і дастаткова важным для таго, каб непасрэдна кіраўнікі ўрадаў дзяржаў-членаў абмеркавалі гэтае пытанне.
Якія крытэрыі дазваляюць уключыць пэўных асоб або арганізацыі ў санкцыйны спіс?
— Гэтыя крытэрыі называюцца крытэрыямі прызначэння. З часам яны змяняліся, бо калі мы паглядзім, напрыклад, на санкцыі, якія былі ўведзены пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, дзейнічалі крытэрыі аб уключэнні у «чорны спіс» тых асоб, чыя дзейнасць сур'ёзна падрывае дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі. Калі мы параўнаем гэтую фармулёўку з крытэрыямі аб санкцыях, накладзеных на Сірыю ў 2013 годзе, кола людзей, якія могуць быць уключаны ў чорны спіс, стала значна большым.
Цяпер вас могуць унесці ў чорны спіс, калі вы атрымліваеце выгаду ад недэмакратычнай палітыкі ці рэпрэсій.
— Нідзе не вызначана, як трэба падтрымліваць гэтую палітыку або атрымліваць ад яе выгаду. У любым выпадку, кожны, хто падтрымлівае або атрымлівае выгаду, таксама можа быць уключаны ў чорны спіс. Пры гэтым выкананне санкцый фактычна знаходзіцца ў руках дзяржаў-членаў. Гэта супрацьлегла таму, што адбываецца з прыняццем санкцый, таму што прыняцце санкцый цэнтралізавана ў Бруселі.
Адсюль адсутнасць адзінства ў выкананні. Дзяржавы-члены значна адрозніваюцца ў магчымасцях выяўлення парушэнняў, патлуамчыла экспертка.
— Некаторыя дзяржавы-члены маюць добра працуючы механізм, спраўную бюракратыю ў сваёй сістэме правасуддзя і паліцыі, а іншыя, наадварот кепскія. Яны маюць вельмі мала магчымасцей для выяўлення і прыцягнення да адказнасці за парушэнне санкцый. Існуе вялікая розніца ў залежнасці ад дзяржавы-чальцоў.
На дадзены момант, большасць санкцый, уведзеных ЕС, засяроджаныя на такіх краінах, як Беларусі, Венесуэла, Нікарагуа, М'янма, Рэспубліка Гвінея, Бурундзі, а да гэтага ёсць шмат рэжымаў санкцый, якія тычацца крызісных сітуацый у канкрэтных краінах.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч